Руселік: «Не выпісвайце беларусаў з беларусаў!»

Валер Руселік на Budzma.org разважае пра тое, што рабіць, каб не пачувацца чужым на сьвяце жыцьця.

Давайце адразу — пра галоўнае. Я катэгарычна супраць таго, каб мяне выпісвалі зь беларусаў. І пагатоў я супраць таго, каб ад мяне чакалі, што я выпішуся сам.

Мне цалкам дастаткова таго, што гэта ў аднабаковым парадку робіць антыбеларускі рэжым: вось усе гэтыя «беглыя», «зьехалі — і забудзьце радзіму, жывеце ў сваіх польшчах!», немагчымасьць зрабіць пашпарт у, здавалася б, беларускай амбасадзе й наагул атрымаць ад яе хоць нейкую дапамогу і г.д. Я — беларус. Кропка.

Валера Руселік — на Канфэрэнцыі «Новая Беларусь»-2025. Фота з архіву аўтара

Ну а цяпер — на пальцах. Штораз знаходжу камізм сытуацыі, да прыкладу, напярэдадні чарговых выбараў у Каардынацыйную Раду, калі будучыя «протадэпутаты» расказваюць, як і што яны зьбіраюцца зрабіць для беларусаў у Беларусі — штопраўда, абяцаюць гэта... беларусам замежжа.

Ну бо дзе ж ты ў Беларусі за тую Раду прагаласуеш, праўда? То-бок умоўны я маю прагаласаваць за тое, што будзе зроблена не, у тым ліку, для мяне, але толькі для іншых. Зафіксавалі.

Ну альбо штогадовая Канфэрэнцыя «Новая Беларусь». І шаноўныя сьпікеры зь мікрафонам, і ня менш шаноўныя шараговыя ўдзельнікі мерапрыемства з кубачкам кавы ў кулюарах задаюцца максымальна шаноўным пытаньнем: а што мы можам зрабіць для беларусаў?

Ну, тых, хто сёньня знаходзіцца ў Беларусі і хто, напэўна ж, ані спаць, ані есьці, ані сядзець спакойна ня можа — адно чакае, пакуль мы тут з-за мяжы для іх што-небудзь зробім.

І гаворка не пра палітвязьняў, якім і сапраўды ж больш і не выпадае, бадай, ані на што іншае спадзявацца, як на тое, што, можа, хто-небудзь з заходнікаў выменяе іх на якія-небудзь санкцыі альбо хаця б на яшчэ адзін шпрыц «Азэмпіку».

Гаворка — пра ўсіх астатніх, хто ходзіць на працу, езьдзіць палоць грады, гадуе дзяцей, робіць рамонт у новай кватэры, ганяе з шашлыкамі на Нарач — папросту жыве сваім жыцьцём тут і цяпер.

І ўсё ў гэтай схеме прыгожа і лягічна — акрамя аднаго-аднюсенькага пытаньнечка: дык а дзе ў гэтым усім я? Хто я ў пытаньні «А што мы можам зрабіць для беларусаў?» — беларус або нейкі пэрсанал для абслугі беларусаў?

А адсюль жа можа й наступнае пытаньнечка вырасьці: дык а навошта я абавязаны паляпшаць жыцьцё ўмоўнаму Васі, які круціць гайкі на МЗКТ і на выходныя езьдзіць у госьці да ўмоўнай Галі з начосам з гарадзенскага выканкаму, калі ані Вася, ані Галя й пальцам не паварушылі дзеля мяне й маіх блізкіх? Ну рэальна — навошта?

Удзельнікі мітынгу за Лукашэнку, 2020 год. Каму на гэтым фота патрэбная дапамога ад палітычнай эміграцыі? Фота: tut.by

І можна колькі заўгодна разважаць пра тое, як эміграцыя ўсё больш адрываецца ад Радзімы і ўсё больш працуе сама на сябе, але факт застаецца фактам: аплочваць камуналку і прадукты ў краме, гадаваць дзяцей, мець легальны статус і спраўныя дакумэнты — аднолькава трэба што ў Горадні й Менску, што ў Варшаве й Вільні.

Паўсюль трэба неяк жыць. І паўсюль жыцьцё — па-за тэлеграм-чатамі Каардынацыйнай Рады і кулюарамі Канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Заўжды.

І менавіта таму, напэўна, апошнія, да каго асабіста я буду прыслухоўвацца — гэта ня толькі згаданыя вышэй Вася і Галя, але і тыя, хто ня здолеў і нават не спрабуе сябе рэалізаваць у вымушанай эміграцыі.

За год-два-пяць (ці колькі там ты ўжо за мяжою?) ты не дайшоў да мясцовага міграцыйнага бюро, не ўладкаваў сваё дзіцё ў садок альбо школу, не знайшоў жытло і працу, але затое сфатаграфаваўся зь бела-чырвона-белым сьцягам і вядзеш несупынны анляйн-джыхад супраць іншых эмігрантаў, каторыя, дарэчы, хоць штосьці робяць — ну і што ж ты, гэткі прыгожы, можаш зрабіць для іншых?

Што ж да эміграцыйнага адасабленьня ад Радзімы, то гэта працэс натуральны, ня новы і ўжо ж дакладна не ўнікальны беларускі. Людзі адыходзяць ад агульных справаў, займаюцца ўласным жыцьцём — зрэшты, як за мяжою, гэтак і на Радзіме. 

І, дарэчы, вось гэтае канцэнтраваньне ўсіх высілкаў выключна на тым, каб зрабіць лепшым жыцьцё для беларусаў у Беларусі, і, па сутнасьці, выпісваньне эмігрантаў зь беларусаў у абслугу для беларусаў гэты адыход адно паскарае.

Мітынг беларусаў у Варшаве, 9 жніўня 2026 г. Фота Офісу Сьвятланы Ціханоўскай

Ці можна штосьці з гэтым зрабіць? Можна. Па-першае, трэба прызнаць, што для беларусаў у Беларусі з-за мяжы ня надта шмат чаго ты і зробіш. А таму суайчыньнікам унутры нашае краіны варта ўсьведаміць: лепшае жыцьцё — выключна ў вашых руках.

Будзеце за яго змагацца, усяляк набліжаць яго — рана ці позна яно надыдзе. Ня будзеце — аніякі добры дзядзя (ці добрая цёця — нават з усімі сваімі дарадцамі й замежнымі партнэрамі) за вас гэтага ня зробіць.

Зьмяніць Беларусь да лепшага могуць адно беларусы ўнутры краіны — эміграцыя можа толькі дапамагчы. Кропка.

Па-другое, у пошуку адказу на пытаньне «Што мы можам зрабіць для беларусаў?» варта ўсё-ткі сыходзіць не з разьмеркаваньня, хто каго абслугоўвае, але з таго, што нас задзіночвае — з супольных інтарэсаў беларусаў па абодва бакі беларускае мяжы.

Вызваліць палітвязьняў і не дапусьціць зьяўленьня новых, а таму спыніць рэпрэсіі ўнутры краіны й перасьлед у эміграцыі — важна? Важна. Ну бо ж кожнаму ж хочацца й самому быць у бясьпецы, і каб сваякі і блізкія не былі ў закладніках.

Спыніць пуцінскую арду і скончыць вайну перамогай Украіны — важна? Важна. Ну бо хто ў сваім розуме захоча, каб ракеты (і пагатоў зь ядравымі боегалоўкамі) паляцелі й на беларускія паселішчы і прадпрыемствы? А ракета — яна ж ня будзе разьбірацца, жывуць вось канкрэтна ў гэтым доме бацькі эмігрантаў альбо не...

Захаваць незалежнасьць нашае краіны, а зь ёю і родную мову ды нацыянальную культуру — важна? Важна. Ну бо ўсіх нас аднолькава бесяць тыя, хто прынцыпова ня можа вывучыць правільную назву нашае краіны, дэманстратыўна паркуецца на нашых газонах і блазнавата крыўляецца з нашае мовы, так? Мы ж — не яны, праўда?

Мяжа, па абодва бакі якой жывуць беларусы. Фота: Reuters

І вось толькі сыходзячы з супольных інтарэсаў і можна наагул гаварыць, а дакладней — дасягаць сапраўднага нацыянальнага адзінства. Бо задзіночваюць усё-ткі найперш ня словы, а супольныя справы.

Зрэшты, і слова таксама мае сэнс. Калі яно — нашае. Размаўляць па-беларуску — тая яшчэ справа! Самая што ні ёсьць першая й супольная! Ну а зь ёю — дамовімся і пра астатнія.

Средний балл 4.4(7)