Памерла Святлана Курс

Пісьменніца, вядомая пад псеўданімам Ева Вежнавец, доўга змагалася з анкалагічным захворваннем.

Пра смерць Святланы Курс паведаміла яе сям'я. Даследчык і выкладчык Андрэй Эзерын напісаў у Facebook:

— Сышла Святлана Курс. Выкшталцоная, далікатная і вельмі пры гэтым прамая.

Мы з ёй так і засталіся на «вы», нават у кампаніях, дзе ўсе былі блізкімі, мы трымалі дыстанцыю, я так дакладна ад павагі. Гэта было даўно, калі яна яшчэ жыла ў Мінску. Зямля пухам.

Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай напісала:

– Заўсёды захапляла Свеціна ўменне фармуляваць думкі. У яе адказах на пытанні не было месца банальнасцям: яна разгортвала іх так, нібы сходу ткала дываны — складаныя, шчыльныя, поўныя нечаканых узораў і сэнсаў.

З ёй не заўсёды можна было пагадзіцца. Святлана часам была катэгарычнай, але гэтая катэгарычнасць расла з непарушнай любові да свайго — да Беларусі, яе мовы, культуры і людзей.

Света ўмела ныраць у самыя чорныя прорвы і вынырваць з іх са святлом, якое несла ў сабе. І частка гэтага святла заўсёды перападала яе чытачам і чытачкам.

Страшна шкада, што з гэтай прорвы ёй вынырнуць не ўдалося. Цяпер ёй не баліць... Вялікая страта для літаратуры і для Беларусі.

Лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская адзначыла:

– З вялікім болем даведалася пра смерць Святланы Курс. Гэта вялікае гора для блізкіх і сяброў, і вялікая страта для ўсёй Беларусі.

Сваім талентам і сваёй працай Святлана назаўсёды ўпісала сваё імя ў беларускую гісторыю і культуру.

Святлана зараджала беларусаў пазітывам, прыцягвала многіх да беларушчыны, натхняла і заўсёды выпраменьвала аптымізм. Яна была натхненнем для кожнага і кожнай, хто жыў беларускімі справамі, хто любіў Беларусь і рабіў нешта дзеля беларускай справы.

Нам будзе вельмі вас не хапаць, Святлана. Вашых словаў, вашых кніг, вашых парадаў і мудрых думак. Светлая памяць.

Святлана Курс нарадзілася ў 1972 годзе, у 1994-м скончыла філалагічны факультэт БДУ, працавала ў шэрагу незалежных беларускіх СМІ. Пісала прозу пад псеўданімам Ева Вежнавец. У апошнія гады была вядомая чытачам па аповесці «Па што ідзеш, воўча?». Жыла ў Польшчы.

Рэдакцыя «Салідарнасці» выказвае спачуванні родным і блізкім Святланы Курс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)