Лічба дня. Колькі беларускіх студэнтаў вучыцца ў Польшчы

Дадзеныя агучылі ў польскім Міністэрстве навукі і вышэйшай адукацыі.

10 710

беларускіх студэнтаў

праходзілі навучанне ў польскіх ВНУ ў зімовым семестры 2025/2026 навучальнага года.

Такая лічба прыводзіцца ў афіцыйным адказе намесніка міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Анджэя Шэптыцкага на запыт намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі.

Прэс-служба АПК публікуе падрабязнасці: найбольш беларусаў вучылася ў Варшаўскім універсітэце — 490 чалавек. У лідарах таксама Універсітэт Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне — 486, Універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані — 453, Польска-Японская акадэмія камп’ютарных тэхналогій — 405 і Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве — 391.

Люблін. Ілюстрацыйнае фота

Акрамя таго, прынамсі 566 беларускіх студэнтаў атрымліваюць адукацыю ў медыцынскіх ВНУ Польшчы, а 54 беларускія навукоўцы і даследчыкі працуюць у польскіх акадэмічных установах.

На апошнія лічбы Павел Латушка звяртае асаблівую ўвагу: «Больш за паўтысячы беларускіх студэнтаў у медыцынскіх універсітэтах Польшчы — гэта сапраўды ўражвальная лічба, асабліва з улікам таго, які востры дэфіцыт лекараў мы назіраем зараз у Беларусі.

Гэта тыя маладыя спецыялісты, якія маглі б у будучыні ратаваць жыцці беларусаў і развіваць нашу ахову здароўя, але праз злачынныя дзеянні рэжыму вымушаныя рэалізоўваць свае таленты за мяжой.

Вельмі спадзяюся, што пасля дэмакратычных зменаў у Беларусі атрымаецца забяспечыць умовы для вяртання многіх беларусаў з еўрапейскай адукацыяй дадому, дзе яны змогуць рэалізаваць свой патэнцыял, будаваць паспяховую кар’еру і працаваць на карысць нашай незалежнай дзяржавы».

Нагадаем, што агулам колькасць беларускіх студэнтаў у Еўропе скарачаецца. Калі некалькі год таму ў ВНУ Польшчы і Расіі вучылася прыблізна па 12 тысяч беларусаў, то цяпер, як бачым, колькасць суайчыннікаў, якія атрымліваюць адукацыю польскіх універсітэтах, скарачаецца.

Пры гэтым даволі істотна павялічылася колькасць тых, хто для атрымання вышэйшай адукацыі абірае Расію. Па апошніх дадзеных расійскіх крыніцаў, гэта лічба складае трошкі больш за 16 тысяч студэнтаў. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)