Ганна Златкоўская: «Той, хто забівае беларусаў і беларусак у турмах, не здольны апераваць паняццямі гонару і годнасці»

Пісьменніца і публіцыстка Ганна Златкоўская  на Будзьме – пра магчымасць перамоваў з рэжымам

Ганна Златкоўская

Калі паважаная і прыўкрасная Марыя Калеснікава заклікае да дыялогу з дыктатурай і гаворыць пра важнасць таго, каб усе мы заставаліся людзьмі, узнікаюць розныя пачуцці і думкі.

З аднаго боку, яна гаворыць слушныя рэчы. Пра чалавечнасць, пра тое, як трэба нам усім нарэшце дамаўляцца адно з адным. Бо нянавісці ў гэтым свеце і так хапае. Калі на кожнае зло адказваць злом, яно толькі множыцца, на жаль. Калі чалавек, які пабываў у невыносных умовах, усё роўна працягвае прытрымлівацца сваіх каштоўнасцей — гэта выклікае толькі павагу. Тым больш, што Марыя клапоціцца пра палітвязняў, якія і зараз застаюцца за кратамі.

Але. Без якога таксама нельга абысціся. Людзі ўсе розныя, у кожнага асаблівы светапогляд. Там, дзе адзін чалавек разважае пра мараль і каштоўнасць чалавечага жыцця, другі — мае толькі карыслівасць і думае толькі пра сваю выгаду.

У забойцаў і іншых асацыяльных асоб зусім іншая логіка. У адваротным выпадку не былі б яны тымі, кім ёсць. І гэтая логіка даволі крыважэрная, вось у чым затык. Яны бачаць усё настолькі інакш, што часам такое здаецца немагчымым, але менавіта для іх — гэта норма, хаця для нас — нейкі жах.

У маім жыцці так склалася, што давялося камунікаваць з адным злодзеем. Чалавек быў за кратамі па крымінальнай справе, але гаварыў, што апынуўся там па несправядлівасці і іншае бла-бла. Я была маладзейшая, вучылася тады ва ўніверсітэце, і ў прынцыпе паверыла чалавеку, тым больш, што ён не выглядаў злодзеем, быў адукаваным і цікавым мужчынам з вельмі культурнай сям’і, з якой я была асабіста знаёмая — цудоўныя талентавітыя людзі!

Дык вось аднойчы мы сабраліся невялікай кампаніяй у ягонай кватэры. Размаўлялі, пілі віно ды там жа ўсе і заначавалі — звычайная тусоўка моладзі, карацей. Я раптам прачнулася сярод ночы і ўбачыла, што ён шарыць па кішэнях нашага адзення.

— Ты чаго? — запытала я яго.

— Ды шукаю тут (назваў нейкую рэч, ужо не памятаю, што канкрэтна), — ён хуценька выйшаў з пакоя.

Тады я (хаця сітуацыя мяне вельмі збянтэжыла) вырашыла не надта надаваць гэтаму значэння: мала ці што, мо, і праўда шукаў. Але праз некаторы час зноў ладзілі вечарыну ў яго дома, і на наступны ранак мая сяброўка не ўбачыла ў сваім гаманцы даволі буйную суму грошай. Гэта быў хтосьці з нас, і кожны нават паказаў свае торбы ды кішэні, каб давесці сваю недатычнасць да крадзяжу.

Страшна тое, што я разумела — гэта зрабіў ён, але не магла даказаць.

Памятаю, як глядзела ў вочы таго мужчыны і ўпершыню зразумела, што зусім яго не ведаю. Што пад маскай інтэлігента хаваецца хлуслівы і хітры чалавек, здольны на нягодныя ўчынкі без аніводнай кроплі сумлення. Дамаўляцца з ім было пустой справай, бо яму было пляваць на слёзы сяброўкі, якая жыла ў студэнцкім інтэрнаце, і кожны рубель быў для яе вельмі важны.

Так і з рэжымам.

Той, хто забівае беларусаў і беларусак у турмах, не здольны апераваць паняццямі гонару і годнасці. Для яго павага да чалавечага жыцця быццам курлыканне галубоў — асабліва і не ўслухваешся, пра што яны там паміж сабой балбочуць, гэтыя птушкі.

Злодзеі разумеюць толькі мову моцы, яны гатовыя ісці на кампраміс толькі, калі іх хвост моцна прыціснуты і трэба неяк вызваліцца з невыносных умоваў. І тое, будуць выкручвацца да апошняга. Але ўсё залежыць ад канкрэтных абставін.

Дыялог жа — гэта размова на роўных. Калі суразмоўцы хочуць разумець адно аднаго, калі ім абодвум гэта цікава. Тут, на жаль, іншая сітуацыя.

Тысячы закладнікаў, удзел у вайне, вялікія грошы і любоў да ўлады. Як для таго майго знаёмага было ўкрасці грошы важней, чым сяброўства, так і для рэжыму важней захаваць сябе любымі сродкамі, нават коштам чалавечага жыцця. Мы бачым гэта кожны дзень. Дабрыня і шчырасць для рэжыму — пусты гук.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)