Цыганкоў: «Сярод самых зацятых ненавісьнікаў Расеі — шмат людзей, якія яшчэ не так даўно былі пад поўным уплывам расейскай прапаганды»
Палітычны аглядальнік — пра зацятасьць «перабежчыкаў».
— Назіраючы за людзьмі, прыходзіш да перакананьня, што часам самыя зацятыя і гарачыя прыхільнікі нейкіх ідэяў – гэта тыя, хто ў свой час кардынальна памянялі свае погляды. Так бы мовіць, «перабежчыкі» (без негатыву), — піша Віталь Цыганкоў.
Нярэдка самыя актыўныя «прагрэсісты» – тыя, хто калісьці быў «кансерватарам» і «звычайным» — а цяпер ім адкрылася сьвятая паліткарэктная ісьціна.
Часам самыя зацятыя пурысты і «рэфарматары» беларускай мовы – неафіты, якія толькі нядаўна і пакуль яшчэ не надта добра ёй авалодалі. (Памятаю, калі я ў канцы 80-х далучыўся да менскай адраджэнцкай моладзі, там ужываліся такія словы як гаўбец (балкон), біра (піва). Абы не па-расейску)
Сярод самых зацятых ненавісьнікаў Расеі — шмат людзей, якія яшчэ не так даўно былі пад поўным уплывам расейскай прапаганды, і зараз усім нам даказваюць, як яны актыўна выціскаюць з сябе раба рускага наратыва.
Сярод самых адданых і нават адмарожаных лукашысцкіх прапагандыстаў — тыя, хто калісьці быў у БНФ і «нацыяналістам»: Дзермант, Шпакоўскі, Шаўцоў.
Але калі чалавек глыбока разбіраўся ў нейкай тэме, перш чым сфармаваць сваё стаўленьне да яе — то проста ня можа раптам развярнуцца на 180 градусаў. Бо гэта будзе адмаўленьнем самога сябе.
Калі ты сфармаваў свае погляды і каштоўнасьці — не таму, што так прынята ў грамадзтве альбо ў тваім асяроддзі, не таму, што «ўсе вакол так думаюць», а таму, што ты сам доўга вывучаў, разважаў і ў выніку прыйшоў да нейкіх прынцыповых высноваў (правільных ці няправільных, але яны твае ўласныя) — то наўрад ці ў цябе зьявіцца нагода і жаданьне разварочвацца ў іншы бок.
Калі, умоўна кажучы, я казаў пра Расею стратэгічна прыблізна тое самае і ў 1992, і ў 1996-м, і зараз — то мне не патрэбны 2022 год, каб раптам нешта новае пра Расею «ўсьвядоміць». Калі я крытыкаваў Лукашэнку ўжо 1994-м, і ўсё пра сутнасьць і характар рэжыму сказаў у тэксце «Права на ганьбу» ў 1995-м, то мне ня трэба лішні раз даказваць сваё нязменнае негатыўнае стаўленьне, я нават выношу гэта за дужкі, каб яно не перашкаджала спакойнаму палітычнаму аналізу і ацэнкам падзеяў.
Разам з тым, я ніколі не выказваюся пра тэмы, у якіх я пакуль не выпрацаваў канчатковы падыход, маю пэўныя сумневы. Напрыклад, пра валоданьне зброяй, ці падаткаабкладаньне звышбагатых. Гадоў 20 пра гэта думаю, чытаю, разважаю — але пакуль не прыйшоў да нейкай адназначнай пазіцыі. А пакуль не прыйшоў — то і не выказваюся. Але калі выкажуся… то як гэта будзе магчыма — радыкальна развярнуць меркаваньне, над якім разважаў 20 гадоў?
А зацятасьць «перабежчыкаў» псіхалагічна зразумелая — кампенсатарскі механізм. Сваім цяперашнім радыкалізмам даказаць, што ты парваў з «праклятым мінулым», адрокся ад яго. Даказаць, што твой апошні паварот — менавіта самы правільны, адзіна магчымы і на гэты раз ужо назаўсёды.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное