Политика

Шрайбман: «Сотні тысяч не зменяць месца жыхарства толькі з-за таго, што ў іх мабільны інтэрнэт ці тэлеграм перасталі працаваць»

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман — пра адну з вострых тэм апошняга часу.

— Абмежаванне інтэрнэту ў Расіі можа быць пазітыўным момантам, таму што ствараецца татальна розны паўсядзённы дыскурс, у якім жывуць народы Беларусі і Расіі, — разважае Арцём Шрайбман на канале «Гадзіннічак цікае». — Гэты працэс пачаўся з вайной і цяпер паглыбляецца.

Арцём Шрайбман

Нягледзячы на агульную інфапрастору, дыскурс у расіян і беларусаў ужо некалькі гадоў розны. У нас ствараецца як бы розная матрыца перажыванняў.

Беларусы жывуць аднымі праблемамі, расіяне — іншымі, звязанымі з вайной, мабілізацыяй, СВА і вяртаннем ветэранаў СВА. А зараз фармуецца яшчэ і іншая лічбавая прастора. Будзем жыць яшчэ і ў розным анлайн-свеце — гэта яшчэ адна цаглінка ў нацыянальнае будаўніцтва.

Аналітык выказаў непапулярную думку наконт нібыта пераезду расіян у нашу краіну, які зараз шмат хто абмяркоўвае.

— Працэс пераезду расіян у Беларусь наўрад ці будзе масавым. Сотні тысяч не зменяць месца жыхарства толькі з-за таго, што ў іх мабільны інтэрнэт ці тэлеграм перасталі працаваць.

Магчыма, пераедуць сотні, можа, тысячы. Але ў маштабах краіны гэта будзе няшмат. І, на маю думку, гэта будзе такая выбарка людзей, якія даволі матываваныя і эстэтычна ды этычна не прымаюць гэтыя забароны.

Раней з-за вайны яны маглі не з’ехаць ці не пратэставаць супраць яе, магчыма, праз тое, што былі вельмі маладымі ці недастаткова палітызаванымі.

І вось з сённяшняга пулу расійскага грамадства, на мой погляд, гэта дакладна не горшыя людзі. І прыезд такіх людзей у Беларусь не абавязкова азначае, што да нас прыедзе нейкая арда.

Я б не мазаў усіх расіян адной фарбай. Там ёсць і тыя, хто не абавязкова прыязджае да нас з нейкай імперскай пыхай. Праз тое, што яны цэняць доступ да заходніх сацсетак і заходніх мэсенджараў, напэўна, яны ўсё ж інтэграваныя ў свет.

Між тым у Беларусі зараз вялікая дэмаграфічная праблема, і краіне ўсё роўна даводзіцца прыцягваць гастарбайтараў, мігрантаў. Беларусы, што жывуць у Беларусі, пацвердзяць, што апошнія гады іх стала нашмат больш.

І калі выбіраць паміж такімі расіянамі, больш каштоўнаснымі за сярэдняга расіяніна, і, напрыклад, грамадзянамі з Пакістана (усё ж з большай культурнай дыстанцыяй), то з пункту гледжання асіміляцыі, прыняцця ў беларускім грамадстве і патэнцыйных міжнацыянальных канфліктаў такія расіяне — не горшы варыянт.

Средний балл 2(8)