Культурны працэс

Паліна Верабейчык

Настасся Панкратава: «Адчула цішыню, якая звінела ў залі. Свет раптам перастаў быць чорна-белым»

Да Міжнароднага дня тэатра расказваем, што адбываецца цяпер на беларускай сцэне. І не толькі ўнутры краіны. Тэатральны крытык Настасся Панкратава ў інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра рэжым выжывання і вострыя тэмы, як беларусы ўзбагачаюць культуру розных краін і ці можна «сшыць» творчую супольнасць.

Фота з асабістага архіву суразмоўніцы

Гэта другая частка вялікай гутаркі пра тое, чым жыве беларускі тэатр сёння па абодва бакі мяжы, і якой бачыцца ягоная будучыня. Пачатак чытайце тут.

«Любоў гледача — тое, што натхняе»

— Ці атрымліваецца адсочваць тэатр унутры Беларусі сёння — і ці гэта цікава? Альбо там засталіся адны толькі «вайна і немцы» ды руская класіка?

— Канешне, цікава. Бо тое, што навідавоку, на паверхні — бачаць усе, як тую рускую класіку, як працяг рэпрэсій у сферы. Але важна зразумець тэндэнцыі.

Так, улетку 2025 года ў Акадэміі мастацтваў раптоўна знік тэатральны факультэт, замест яго з’явіўся факультэт кіно, тэатра і тэлебачання. А па беларускай чыноўніцкай  завядзёнцы што самае важнае, тое і стаіць першым у назве — і гэта пацвярджае рыторыка тых жа чыноўнікаў.

З іншага боку, калі мы пра такія падзеі гаворым, то ідзе інфармацыйны ўплыў і на тое, што адбываецца ў Беларусі. Да прыкладу, дырэктарка Тэатра беларускай драматургіі агучвала планы, што хоча паставіць спектакль паводле Z-дзеяча Прылепіна. І ў тым ліку розгалас за мяжой, на мой погляд, паспрыяў, што гэты спектакль на сёння яшчэ не з’явіўся.

Сярод іншых цікавостак Настасся Панкратава называе ўвагу блогераў да тэатру. І гэта не тое каб кепска. Блогеры прыцягваюць увагу публікі, тэатры гэта разумеюць і запрашаюць іх, нават дазваляюць карыстацца тэлефонамі на спектаклях. Натуральна, гаворка не пра глыбіню, а пра прыгажосць карцінкі. Аднак калі тое ідзе на карысць тэатру, і спрыяе попыту на квіткі, гэта добрая знаходка.

Сцэна са спектаклю «Бах-бах-бах», Магілёўскі тэатр лялек. Фота: teatrkukol.by

— Цяпер збіраюцца аўтобусы адмыслова, каб паехаць у той жа Магілёў, паглядзець выдатны спектакль Ігара Казакова, — зазначае наша суразмоўніца, — і што цешыць: арганізуе не прафсаюз, не калегі па цэху, а звычайныя гледачы аб’ядноўваюцца.

І гэта на фоне таго, што сёння ў Беларусі збольшага не ідуць нейкія творчыя пошукі, эксперыменты — уключаны рэжым выжывання, захавання. У такіх умовах любоў гледача — тое, што варта ўвагі і што натхняе.

— Калі казаць пра беларускі тэатр па-за межамі краіны — нярэдка яго ўпікалі, што зашмат рэфлексуе на тэму 2020-га, ад якой беларускаму гледачу занадта балюча, а замежнаму — ужо не надта цікава…

— Я і сама была з тых, хто казаў: немагчыма глядзець пастаянна пра адно і тое ж. Праблема не ў самой тэме, а ў тым, што спектаклі ў розных рэжысёраў атрымліваліся досыць падобнымі, факусаваліся на аднолькавых рэчах. А чалавек не можа пастаянна жыць у стрэсавай сітуацыі.

Ды зноў жа, 2026 год, у нас узнікаюць новыя праблемы, мы шукаем, як далей жыць.

Калі бачыш ад розных тэатраў пастаноўкі пра рэпрэсіі і здушэнне пратэсту, то канцэнтрацыя  траўматычных успамінаў стварае фальшывую ўстаноўку, быццам беларускі тэатр нічога большага за гэта сказаць не можа. Але ж гэта не так! І самі рэжысёры гэта зразумелі, мне падаецца, таму шукаюць іншыя падыходы.

Мне вельмі падабаецца, як узняў гэтую тэму «BY Тэатр», праект Андрэя Новіка ў Польшчы. Яны зрабілі пастаноўку «Бежанцы 1915», рэтраспектыва стогадовай даўніны паказвае, што наш досвед не ўнікальны, такое ўжо было.

Cцэна з пастаноўкі «Бежанцы 1915». Фота: komuna.warszawa.pl

Летась, пры ўсёй стомленасці ад гэтай тэмы, мяне вельмі захапіў спектакль «Цесля», пастаноўшчыкі якога знайшлі новыю кропку: падзеленыя сем’і і гісторыя маленькага чалавека, які спрабуе ўпісацца ў новыя межы…

Абодва гэтыя прыклады — тое дарагое, чым нашыя тэатры могуць ганарыцца.

«Нагадваць пра тое, хто мы»

— Гэта ў бягучым часе. А калі паспрабаваць адным вокам зазірнуць у будучы: куды рухаецца беларускі тэатр? І ці не атрымаецца так, што гэтыя дзве плыні: тэатр унутры краіны і тэатр па-за межамі — разыйдуцца зусім, як паралельныя сусветы?

— Асабіста я вельмі не хачу, каб так сталася. І ў тым ліку мая кніга (Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015-2025 — тая нітка з іголкай, скобка, каб з’яднаць гэтыя два бакі. Тэатр і ягоныя людзі заўсёды былі агульнай суполкай. Так, мы маглі не любіць адно аднаго, раўнаваць у прафесійным сэнсе, але займаліся адзінай справай. І нам нельга разыходзіцца, трэба памятаць адно аднаго.

І калі тэатру ўнутры краіны цяпер трэба ўспамінаць ці вучыцца наноў эзопавай мове, каб размаўляць з гледачом, то тэатр за мяжой — гэта наш агульны голас, каб кантактаваць з заходнімі краінамі, з калегамі і публікай.

Каб на Захадзе памяталі, што беларусы — гэта не толькі эмігранты, якім патрэбная дапамога, але і носьбіты вельмі якаснай школы тэатральнага мастацтва, якія могуць узбагаціць тэатры іншых краін. Дапамагчы зразумець краінам, дзе мы — нас, а нам — знайсці паразуменне з імі.

Таму нашыя калектывы ў замежжы вельмі важныя. Бачу, як самі творчыя людзі пачынаюць гаварыць: будучыня — за ўваходжаннем у прафесійную супольнасць іншых краін.

Так, Уладзімір Ушакоў (былы СХТ) знаходзіцца ў Фінляндыі, дзе вучыць мову і супрацоўнічае з фінскімі рэжысёрамі, мастакамі і кампазітарамі, ужо нават уваходзіць у мясцовы творчы прафсаюз. І гэта вельмі файна: не «дапамажыце нам, гаротным беларусам», а «паглядзіце, як мы можам разам».

А адкрыццём мінулага года для мяне было, калі трапіла на тутэйшы тэатральны фестываль SIRENOS — ён міжнародны, то-бок, на ім і мясцовая публіка, і замежныя крытыкі — і ўбачыла там спектакль Ігара Шугалеева і Агнеты Лісічкінайте Clap&Slap. Гэта пастаноўка, у якой быў скарыстаны сінтэз і пластыкі, і спеваў, і размоў, распавядае пра напружанасць, што ўзнікла паміж Літвой і Беларуссю пасля 2022 года.

Дзякуючы перформерцы Лісічкінайтэ яны атрымалі фінансаванне міністэрства культуры Літвы. І гэта прыклад таго, як беларускае мастацтва можа не растварацца, а судзейнічаць з іншымі. Хоць абраная тэма вельмі складаная.

Агнета ведала беларускага актора шмат год, яна сама падчас нашых пратэстаў выходзіла з плакатамі «Спыніце гвалт!» да пасольства РБ. Але пачынаецца вайна, Беларусь выступае саўдзельніцай расіскай агрэсіі — і паўстае пытанне: адмовіцца працаваць з усімі рускамоўнымі творцамі, ці тут мусяць быць выключэнні? Хто ёй сёння Ігар Шугалееў — сябра ці вораг?..

Сцэна з пастаноўкі Clap&Slap. Фота: lrt.lt

Я адчула цішыню, якая звінела ў залі. Бо для гэтай публікі свет раптам перастаў быць чорна-белым, а стаў значна больш складаным.

І будучыня беларускага тэатру, на мой погляд, менавіта ў гэтым — нагадваць пра тое, хто мы.

Ведаю, кажуць пра Мікіту Ільінчыка, які ставіць спектаклі ў Польшчы: ён працуе з тамтэйшымі акцёрамі, у польскіх тэатрах, з п’есамі не наўпрост пра Беларусь — ці можна яго лічыць беларускім рэжысёрам? А чаму не?

Бо нават тое, што ён скажа ў інтэрв’ю, я — беларус, падкрэсліць нашую самасць, каштоўнасць. І тое, што мы можам даць іншым культурам даць нейкую разынку, якая дапаможа ім зрабіць сваё мастацтва больш аб’ёмным.

«Не трэба засяроджвацца толькі на болю, якога шмат»

— Калі ўжо зачапіліся за канкрэтныя імёны — у якасці парады беларускім (і не толькі) гледачам у заходніх краінах, за якімі «сваімі» тэатральнымі праектамі варта сачыць?

— Ох, складанае пытанне. На мой погляд, трэба ў прынцыпе не забывацца, што беларускі тэатр — жыве, што ў нас ёсць класныя калектывы. Трэба абнаўляць афішу.

Гэта ў Беларусі можна сабраць прэс-канферэнцыю ў жніўні і распавесці: мы плануем на гэты сезон тое і гэта.

За мяжой беларусы жывуць у праектным тэатры, і з’яўленне спектакляў залежыць ад таго, ці змогуць яны знайсці фінансаванне. Таму некаторыя з іх узнікаюць даволі нечакана, мы не чуем пра іх загадзя.

Мы ўжо казалі пра Мікіту Ільінчыка: тое, што ён ставіць, цікава, гэта погляд сучаснага рэжысёра, як па-новаму паказаць старыя праблемы. У оперным свеце варта сачыць і за Вольгай Паляковай, і за Іллём Сільчуковым, за іншымі творцамі, якія прыходзяць у сферу тэатру. Уладзімір Шчэрбань у Лондане, Мікалай Халезін, які заўсёды нешта прыдумляе і выдае новае.

У Ізраілю — Дом Чорнай савы Ганны Хітрык, якая не патанула ў праблемах міграцыі, здароўя і шмат чаго яшчэ, а вярнулася да «каранёў» (яна лялечніца паводле дыплому) і робіць сіламі сваёй творчай сям’і тое, што любіць і ўмее. Прычым робіць класна, без аніякіх зніжак на эмігранцкі бэкграўнд. Па відэа я бачу, што гэта прафесійная праца, і яны пачынаюць удзельнічаць у фестывалях.

А тэатр, які знаходзіцца ў Таронта! Акцёр сталічнага Тэатра Лялек Вячаслаў Ясаў, які з’ехаў з Беларусі ў 2008 годзе, расказваў, што тады на трохмільённы горад не было ніводнага тэатра лялек. А прыехалі беларусы — і стварылі паўнавартасную лялечную прастору. Тэатр, які збірае залі, стварыў некалькі дзясяткаў спектакляў для розных узростаў, і летась намінаваўся на тэатральную прэмію Канады.

Гэта толькі невялікая частка тых, за кім варта сачыць і пра каго мы павінны ведаць — імёнаў нашмат больш, безумоўна. І яны вельмі натхняюць. Я перакананая, што нам не трэба засяроджвацца толькі на болю, якога шмат — але трэба глядзець у будучыню і што мы можам для яе зрабіць.

— Але ж гэтыя планы не адмяняюць бягучага стану няпэўнасці і няведання, ці вернецца кожны з нас на радзіму і калі. Калі б дзесяць год таму сказалі, што давядзецца быць тэатральным крытыкам у часы крызісаў і войнаў, калі свету не да культуры — не ўзнікла б жадання, умоўна, сказаць: ну вас усіх, пайду лепш у ІТ?

— Ну ў прафесіі-то я нашмат болей за дзесяць год, — усміхаецца Настасся, — і мушу раскрыць сакрэт Палішынэля: ніводны беларускі крытык не зарабляе грошы сваёй прафесіяй. Гэта пачалося яшчэ да ўсіх нашых эміграцый, таму што культура ў Беларусі ўвогуле ацэньваецца вельмі нізка.

Аднойчы, помню, прыйшло мне запрашэнне на тэатральны фестываль у Баку. Пражыванне там забяспечвалі арганізатары, але дабірацца трэба было самастойна. Ну, і я мусіла адказаць, што мой заробак у дзяржгазеце — 198 долараў, а квіток на самалёт каштуе больш.

Асабіста мяне выручае прафесія журналіста, таму я зарабляю ёй. Многія калегі працуюць хто журналістам, хто выкладчыкам ва ўніверсітэце,  хто стварае кантэнт на замову. Таму што тэатральныя крытыкі таксама людзі, якім таксама трэба выхоўваць дзяцей. Як, уласна, і беларускія акцёры і іншыя людзі тэатру ў эміграцыі: мы ведаем, што яны і на будоўлі, і ў таксоўках, і дзе толькі могуць.

Пайсці ў ІТ многія былі б не супраць — але дзеля таго, каб зарабіць грошай і ўкласці іх у сваю прафесію. Мяне цешыць, калі магу даць нейкія карысныя падказкі, заўвагі (крытык — гэта ж не заўсёды пра негатыў), куды лепш развівацца.

Гэта як у Netflix ёсць фокус-група, якая адсочвае  рэйтынгі і бачыць тэндэнцыі, так тэатральныя крытыкі — тыя, хто дапамагае творцам разумець, куды рухацца, а публіцы — улюбіцца ў тэатр, успрымаць яго не толькі як баўленне часу, а як псіхолага, люстэрка, суразмоўцу і аднадумца ў адным флаконе. Дзеля гэтага я і застаюся ў прафесіі, якая часта бывае няўдзячнай, але, на мой погляд, застаецца вельмі патрэбнай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)