Міхалевіч: «Калі чалавека няма, за што саджаць, ён спачатку саджаецца ні за што»

Ці варта верыць уладам, што тысячы беларусаў просяцца назад у дыктатуру. І як рэчаіснасць абвяргае гэтыя словы.

Пагранічны і мытны кантроль легкавых аўтамабіляў у пункце пропуску «Каменны Лог» у Беларусі. Фота: lookby.media

Нядаўна на адкрыцці новай паліклінікі ў Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларусы, якія з’ехалі за мяжу, натоўпамі просяцца назад.

«Вон посмотрите, что творится в хваленой Польше, куда некоторые наши побежали, а сейчас тысячами просятся в диктатуру: «Мы домой хотим!» — цытуе правіцеля інфармагенцтва БЕЛТА.

А яшчэ Лукашэнка дадаў, звяртаючыся, відаць, да тых самых уяўных тысяч беларусаў — маўляў, пасядзіце яшчэ там, потым вас вернем, «калі знойдзеце тут працу».

Ці варта ўспрымаць такія заявы сур’ёзна і што чакае беларусаў, якія павядуцца на гэтыя словы, разважае адвакат Алесь Міхалевіч.

— Вельмі вялікая розніца, пра каго з беларусаў гаворка, — удакладніў юрыст у эфіры Еўрарадыё. — Ёсць мноства людзей, якія з’ехалі, умоўна, працаваць, да 2020 года, і сёння баяцца, што да іх могуць быць нейкія пытанні і прэтэнзіі, перадусім на мяжы.

Але для абсалютнай большасці тых, хто актыўна ўдзельнічаў у пратэстах — безумоўна, нічога не змянілася. <Вяртанне ў Беларусь> гэта пагроза пасадкі, пагрозы быць затрыманым, пагроза катаванняў у турме.

Падобныя кейсы, падкрэслівае Алесь Міхалевіч, адбываюцца ўвесь час. Людзі вырашаюць паспрабаваць прыехаць, каб вырашыць справы, альбо вярнуцца — і іх затрымліваюць ужо ў Беларусі. Дапытваюць, заўсёды забіраюць мабільныя тэлефоны, каб адшукаць «экстрэмізм» у публікацыях і воблачных сховішчах.

— Зрэдку па выніках усяго гэтага — адпускаюць, але людзям дастаткова ўжо і таго, што з імі адбылося. Але часта людзі трапляюць спачатку на 15 сутак, пасля яны працягваюцца — і ўжо не выходзяць, а сядзяць па крымінальнай справе.

На жаль, гэта стандартная беларуская метадалогія. Калі чалавека няма, за што саджаць, ён спачатку саджаецца ні за што, па пратаколу, у якім пішацца «лаяўся матам» альбо «схадзіў у прыбіральню ў непаложаным месцы». А за той час, што ідуць гэтыя суткі — робяць крымінальную справу альбо далучаюць да той справы, якая ўжо ёсць.

Любая група, якую вы ведзяце ў Фэйсбуку альбо ў Тэлеграме, дзе заўгодна, дзе вы ёсць, можа быць абвешчаная «экстрэмісцкай». Дэ-факта, у сённяшняй Беларусі ёсць мадэльныя крымінальныя справы, дзе ты толькі ўстаўляеш і мяняеш назвы каналаў — і чалавек у турме.

Не магу сказаць, наколькі шмат такіх выпадкаў. Але па тых звестках, што даюць праваабаронцы, нешта падобнае адбываецца ўвесь час, ледзьве не кожны тыдзень.

Пры гэтым, лічыць Алесь Міхалевіч, сістэма працуе не зладжана, не ўсе звёны ў ланцугу дзейнічаюць аднолькава.

— ГУБАЗіК — наогул па-за сістэмай, яны каго хочуць, затрымліваюць, б’юць, разносяць людзям кватэры. Таму нават калі ў цябе будзе дзесяць даведак ад розных органаў аб спыненні крымінальнай справы і адсутнасці прэтэнзій — гэта не дае ніякіх гарантый. Бо заўтра, умоўна, вырашаць, што «індульгенцыя» была за штосьці іншае, а ёсць яшчэ вось такая група і такая справа.

Таму людзям, каму сапраўды трэба прыехаць у Беларусь альбо хто цяпер знаходзіцца ў Беларусі — я б раіў выязджаць за мяжу, у Еўразвяз, праз Турцыю, Грузію, Расію, праз нейкія трэція краіны. Гэта даражэй, але больш бяспечна. Так гэта працуе, бо сістэма ў кожнай краіне больш цябе змушае займацца сваімі, а чужыя грамадзяне цябе менш хвалююць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)