Карбалевіч: 5 прычын, чаму Лукашэнка адмовіўся ехаць у ЗША

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч — пра тое, чаму гэтым разам не здзейсніцца мара правіцеля сустрэцца з Трампам.

Валер Карбалевіч

— Афіцыйнае тлумачэнне адмовы Лукашэнкі ехаць у Штаты (на паседжанне Рады міру — С.) гучыць трохі дзіўнавата, — адзначае Валер Карбалевіч на Свабодзе. —  Маўляў, ягоны працоўны графік такі вялікі, такі значны, што дзеля паездкі <на сустрэчу> з кіраўніком буйнейшай краіны свету проста не хапае часу.

Другое тлумачэнне — лагістычныя цяжкасці з нагоды таго, што Еўрасаюз увёў санкцыі і маўляў, прастора еўрапейская закрытая для беларускай авіяцыі, для самалёта, на якім ляціць Лукашэнка.

Але гэтыя лагістычныя цяжкасці чамусьці не перашкодзяць Максіму Рыжанкову ляцець у ЗША.

І ўвогуле адмыслоўцы кажуць, што той «Боінг», на якім лётае Лукашэнка, можа ляцець звыш 11 тысяч кіламетраў і цалкам рэальна праз Арктыку без перасадак даляцець да Вашынгтону

Таму сапраўдныя прычыны адмовы Лукашэнкі ехаць у Злучаныя Штаты іншыя.

Існуюць і дасюль не знятыя персанальныя санкцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі, якія ўвялі ЗША і якія тычацца ў тым ліку наведвання тэрыторыі Злучаных Штатаў. І дзеля таго, каб іх адмяніць, гэта пэўная працэдура, якую, магчыма, кароткім часам здзейсніць нерэальна.

Другі момант — калі ляцець праз акіян, праз Арктыку ў Злучаныя Штаты, то толькі пры ўмове, што адбудзецца персанальная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Дональдам Трампам, а ў іншым выпадку проста пасядзець на паседжанні Рады міру, дзе будзе абмяркоўвацца пытанне сектара Газа, далёкае ад Беларусі, вялікага сэнсу не мае.

Тым больш, што хутчэй за ўсё Дональд Трамп запатрабуе ад краін-удзельнікаў скінуцца грашыма на тое, каб ажыццявіць праект рэанімацыі сектара Газа. А гэта непрыемна, і грошай лішніх няма. Лукашэнка ўжо публічна заявіў, што ніякімі грашыма тут раскідвацца ў звязку з уступленнем у гэтую арганізацыю Беларусь не будзе.

Нарэшце мы памятаем, што Трамп ужо не адзін раз казаў, што чакае вызвалення звыш тысячы палітвязняў Беларусі.

І таму калі ўжо Лукашэнка хоча атрымаць ад Трампа такі падарунак, як асабістая сустрэча, то дзеля гэтага трэба вызваліць тую тысячу палітвязняў. І зноў жа за кароткі час фізычна гэта, магчыма, зрабіць не так і лёгка.

Яшчэ адна прычына, якая, можа, з’яўляецца і галоўнай — гэта Расія. Як вядома, Расія не ўступіла ў Раду міру. Прадстаўнікі Расіі не едуць у Вашынгтон на гэтую сустрэчу. А якраз пасля з’яўлення інфармацыі пра тое, што Трамп збірае чальцоў гэтай арганізацыі, было тэлефанаванне паміж Лукашэнкам і Пуціным.

Потым з’явілася заява службы вонкавай выведкі Расіі, якая не вельмі падобная на дакумент спецслужбы, але даволі добра падобная на палітычны дакумент, у якім расійская выведка папярэджвае, што Захад рыхтуе «каляровую рэвалюцыю» у Беларусі.

Прычым, што цікава, сярод фондаў, агенцый, структур, якія рыхтуюць гэтую каляровую рэвалюцыю, на першым месцы, паводле расейцаў, стаяць ЗША. І гэта трохі дзіўна, бо якраз Злучаныя Штаты — новая адміністрацыя Трампа — рэзка скараціла фінансавыя выдаткі на падтрымку дэмакратычных працэсаў у свеце, у тым ліку скараціла дапамогу і беларускім недзяржаўным арганізацыям.

Сігнал празрысты: маўляў, яны рыхтуюць каляровую рэвалюцыю ў вас, а ты, Лукашэнка, едзеш да Трампа і з ім там абдымаешся.

Валер Карбалевіч мяркуе, што Расія з насцярогай глядзіць на перамоўны працэс паміж Злучанымі Штатамі і Беларуссю і папярэджвае Лукашэнку, што не трэба загульвацца ў гэтыя гульні, не трэба далёка заходзіць.

читайте также

— Магчыма, што менавіта гэтае папярэджанне расейцаў было галоўным у тым, каб прыняць рашэнне не ляцець у ЗША. Тым больш, што нават паводле лагістыкі толькі праз расійскую тэрыторыю можна вылецець з Беларусі ці то на поўнач на Арктыку, ці на поўдзень праз Турэччыну, але расійскую тэрыторыю абысці немагчыма, а для таго, каб Лукашэнка мог праляцець праз расійскую тэрыторыю, тут ужо патрэбна палітычнае рашэнне.

Можна меркаваць, што такой згоды Лукашэнка не атрымаў, і таму сапраўды страціў шанец, і невядома яшчэ, як на гэта прарэагуе Дональд Трамп.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(4)