Севярынец: «Хтосьці з крымінальнікаў зрываўся: «Начальніку расскажу, как вы девок по ночной смене лапаете!»

Экс-палітвязень расказаў пра «рамантычныя адносіны» сярод ахоўнікаў Валадаркі.

— «Валадарка. Спецкалідор. Жаночы пост і ігрышчы аховы, — піша Павел Севярынец.

Павел Севярынец

У 2020—2021 гадах мне давялося восем месяцаў сядзець на Валадарцы ў камеры 101, цеснай «двушцы», у так званым спецкалідоры. Тут, у турэмнай старой будыніне, мабыць, яшчэ ХІХ стагоддзя, было некалькі закуткоў для кавіднага карантыну, «лядоўня» з выбітым шклом, ШІЗА і абшыты браняванымі лістамі блок для «спецкантынгенту» — асуджаных на пажыццёвае зняволенне ці да смяротнага пакарання. Кажуць, цяпер такіх трымаюць на Жодзіна альбо ў Калядзічах — але тады на Валадарцы, падобна, была для іх «транзітка».

Мая камера, праз якую прайшлі і Сяргей Ціханоўскі, і потым Алесь Бяляцкі — катух памерам два на тры з паловай метры, асноўную частку якога займалі двайныя нары (першы і другі паверхі).

Ля ўваходу «ачко», паміж нарамі і сцяной — мікраскапічны столік з прываранымі жалезнымі «сядушкамі». 

Прастора — прыблізна як у аўтобуснай прыбіральні. Каб праціснуцца да вакна (патрэсканае шкло са скразняком, кратамі і «веснічкамі»), трэба займацца гімнастыкай і ўціскаць жывот.

Прастора для «пахадзіць» — паўтара крокі туды і назад паміж дзвярыма і столікам. Двум чалавекам не размінуцца, то жыццё ў той двушцы ператвараецца ў «тэтрыс».

Лёгкім стукам па сценах і ў нішы дзвярэй вылічыў адразу некалькі падазроных парожнінаў: у турме яны звычайна сведчаць пра ўсталяванне гукавай апаратуры. Мяркуючы па ўсім, праслушка тут была адмысловая.

Але тут было насамрэч лепш, чым на «Шанхаі» ці Акрэсціна. Пакуль ішлі масавыя пратэсты, выкліканыя якраз гвалтам у турмах, ашаломленая адміністрацыя палітычных спярша не чапала. Толькі бліжэй да зімы па дарозе ў душавую я ўбачыў у ШІЗА Міколу Дзядка.

Ахова на Валадарцы — гэта было нешта адмысловае. 

Спецкалідор ідзе ад жаночага корпуса турмы, то і пост аховы тут быў жаночы. Паставыя — пераважна вясковыя дзяўчаты з Менскага раёну ў камуфляжы, з выразнай трасянкай у размове.

З аднаго боку, было цікава назіраць за іх смутна-прыязнай рэакцыяй на беларускую мову, з іншага — турма ёсць турма: часам тыя дзяўчаты выдавалі базарны мат-перамат.

А ўначы ў нашым спецкалідоры разыгрываліся драмы, вартыя Шэкспіра.

Карпусныя і афіцэры — мужчыны. Паставыя — дзяўчаты. Ноч. Заступае змена, гудзе электрычны імбрык, п’ецца гарбата, сцішаныя галасы — і пачынаецца.

Нярэдка са спецкалідора можна было пачуць і звонкія пашлёпванні, і хіхіканне, і пацалункі, і рыданні ды высвятленні адносінаў. Аднойчы ўначы дзяўчаты-ахоўніцы нават біліся ды цягалі адна адну за валасы.

Зухаваты карпусны на ранішняй праверцы быў чырвоны, як бурак. Вязняў не саромеліся.

І час ад часу хтосьці з крымінальнікаў, зацяўшыся з карпусным праз «кармушку», зрываўся: «Начальніку расскажу, как вы девок по ночной смене лапаете!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.5(4)