Общество

Частка вялікай угоды? Што кажуць у дэмруху пра рэкамендацыю МАК цалкам зняць санкцыі з Беларусі ў спорце

Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў міжнародным федэрацыям зняць усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў. Дзве крыніцы Tribuna.com паведамілі, што скасаванне санкцый не ёсць часткай дамоўленасцяў паміж рэжымам Лукашэнкі і амерыканскімі ўладамі. Унутры дэмсілаў засмучаныя, што абмежаванні ў спорце адмененыя «проста так».

Фота: НАК Беларусі

Абмежаванні МАК галоўным чынам былі ўведзеныя за вайну ва Украіне – пасля таго, як лукашэнкаўскі рэжым прадставіў тэрыторыю Беларусі для пуцінскай арміі. Але сёння гэта не выглядае праблемай. МАК рухаўся ў бок змякчэння даўно, а цяпер заяўляе, што спорт не павінен быць закладнікам палітыкі.

У заяве арганізацыі асобна падкрэслена, што Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі на чале з Віктарам Лукашэнкам не знаходзіцца пад санкцыямі і «адпавядае алімпійскай хартыі».

Ва Украіне рашэнне выклікала рэзкую крытыку, а некаторыя буйныя міжнародныя федэрацыі – біятлону ды лёгкай атлетыкі – пакуль не збіраюцца вяртаць беларусаў да спаборніцтваў.

А як прымалася гэтае рашэнне і ці з'яўляецца яно часткай «вялікай угоды» паміж Беларуссю і ЗША? Які ўплыў на сітуацыю меў беларускі дэмакратычны рух?

Дзве крыніцы Tribuna.com паведамілі, што скасаванне санкцый не ёсць часткай дамоўленасцяў паміж рэжымам Лукашэнкі і амерыканскімі ўладамі. Унутры дэмсілаў засмучаныя, што абмежаванні ў спорце адмененыя «проста так».

– Мы спадзяваліся атрымаць за спартыўны кірунак нейкія саступкі з боку лукашэнкаўцаў ці вызвалення палітвязняў. Дакладна ведаем, што амерыканцы не ціснулі на МАК з патрабаванне зняць абмежаванні. Гэта ўсё частка агульнай палітыкі цынізму і прагматызму, які праглядаецца ў многіх міжнародных структурах цягам апошняга года-паўтара. Тое самае апошнім часам адбывааецца і ў ААН. Генсак арганізацыі Антоніу Гутэрыш таксама настроены на супрацу з рэжымамі Беларусі і Расіі, – кажа суразмоўца.

Іншая крыніца Tribuna.com падкрэслівае, што дэмакратычныя сілы Беларусі не мелі ніякага ўплыву на прыняццё рашэнняў МАК.

– За ўвесь гэты час у нас не было ніводнай сустрэчы з функцыянерамі МАК. Лісты, вядома, накіроўваліся, але камунікацыя фактычна адсутнічала. Спартыўныя санкцыі ідуць зусім па-іншаму трэку ў параўнанні з палітычнымі ці эканамічнымі, на іх уплываюць свае decision makers (людзі, якія прымаюць рашэнні – Tribuna.com).

Суразмоўцы з дэмакратычных структур адзначаюць добрую працу лабістаў рэжыму Лукашэнкі ў МАК.

– У спартовых структурах, як і ў ААН, працуе вельмі шмат людзей з Расіі ці моцна завязаных на Расію. Насамрэч дзіўна, што санкцыі адмененыя толькі супраць Беларусі, а Расію яшчэ пакінулі. Магу зрабіць прагноз, што расійскія атлетаў таксама пачнуць дапускаць да стартаў цягам наступных трох-шасці месяцаў. За гэта топіць кіраўніцтва МАК, сакратарыят і вялікая частка каманды, – кажа чалавек, знаёмы з тэмай.

Нам расказалі, што пакуль беларускія дэмакратычныя сілы не збіраюцца праводзіць ніякай кампаніі супраць скасавання спартовых санкцый.

– Мы лічым гэтае рашэнне несправядлівым. На жаль, цынізм і прагматызм перамагае. Рэжым Лукашэнкі не пайшоў на вызваленне ўсіх спартсменаў, закрыццё супраць іх крымінальных справаў, адмены чорных спісаў у дачыненні да сумленных атлетаў.

Ніякага станоўчага руху не назіраецца, таму дзіўна бачыць такія крокі. Праводзіць нейкую кампанію [супраць скасавання] на сёння цяжка з прычыны чалавечага рэсурсу і часу. Мы найперш працуем на тое, каб не былі адмененыя еўрапейскія эканамічныя санкцыі.

Вельмі важна захаваць гэты трэк, каб Еўропа не паплыла, – сказалі ў офісе адной палітычнай структуры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)