Стала вядома, на якім узроўні ў Беларусі прымалі дэлегацыю талібаў
Аб гэтым паведамілі ўлады Афганістану. Афіцыйны Менск цягам усяго візыту дэлегацыі талібаў нічога не камэнтаваў, піша Радыё Свабода.
На сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі Афганістану, кіраўнік якога ачольваў дэлегацыю, адзначылі, што галоўная мэта візыту дэлегацыі — умовы эканамічнага і прамысловага супрацоўніцтва, а таксама прыцягненьне беларускіх інвэстыцый у стварэньне прадпрыемстваў у Афганістане.
Першая сустрэча — у Міністэрстве прамысловасьці Беларусі
У Міністэрстве прамысловасьці Беларусі дэлегацыю Талібаў прымаў намесьнік міністра Дзяніс Бакей.
— Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі пытаньні стварэньня і разьвіцьця прамысловых заводаў у Афганістане, вытворчасьці і зборкі сельскагаспадарчай і прамысловай тэхнікі, стварэньне прадпрыемстваў па вытворчасьці пакаваньняў, а таксама разьвіцьця і пашырэньня гандлю паміж дзьвюма краінамі, — паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Афганістану.
Апроч таго, гаворка была аб «прыцягненьні ў Афганістан беларускіх інвэстараў, забесьпячэньні спрыяльных умоў для інвэстыцый і ліквідацыі праблем і перашкод для разьвіцьця гандлю паміж дзьвюма краінамі».
Паводле афганскага боку, Дзяніс Бакей выказаў гатоўнасьць да пашырэньня супрацы ў сфэры прамысловасьці і гандлю.
Якія заводы прымалі дэлегацыю талібаў
Іншаземныя дэлегацыі традыцыйна наведваюць прадпрыемствы, што зьяўляюцца флягманамі машынабудаўніцтва і сельскай гаспадаркі Беларусі. Так было і ў цяперашнім выпадку. Дэлегацыя талібаў азнаёмілася з дзейнасьцю сама меней двух машынабудаўнічых заводаў — Менскага трактарнага (МТЗ) і Беларускага аўтамабільнага (БелАЗ).
На Менскім трактарным заводзе яны прайшлі па цэхах вытворчасьці сельскагаспадарчай тэхнікі. Тут іх суправаджаў намесьнік выканаўчага дырэктара, які расказаў аб гісторыі прадпрыемства і яго вытворчыя магутнасьці. Як вынікае з паведамленьня афганскага боку, ён, як і намесьнік міністра прамысловасьці Беларусі, таксама «выказаў гатоўнасьць пашырыць супрацу з Афганістанам і запэўніў у экспарце трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі».
У паведамленьні Міністэрства сельскай гаспадаркі Афганістану не ўдакладняецца, хто суправаджаў дэлегацыю з кіраўніцтва Беларускага аўтамабільнага заводу. На гэтым прадпрыемстве талібам таксама паказалі вытворчасьць і тэхніку — самазвалы, экскаватары, каткі і іншую цяжкую тэхніку, якую могуць выкарыстоўваць у горназдабыўной прамысловасьці ў Афганістане.
— Падчас гэтага візыту абмеркавалі напрамкі супрацы паміж Афганістанам і Беларусьсю ў сэктары цяжкага машынабудаваньня, абмен досьведам і тэхнічную супрацу. Бакі выказалі гатоўнасьць пашырыць узаемадзеяньне ў гэтай галіне, — адзначылі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Афганістану.
Што цікавала талібаў у сельскай гаспадарцы
Дэлегацыя наведала некалькі буйных дзяржаўных і прыватных кампаній і заводаў Беларусі ў сэктарах перапрацоўкі збожжа, вытворчасьці хімічных рэчываў, прадуктаў харчаваньня, у тым ліку малочнай прадукцыі, цукру, мяса і кармоў для жывёл.
Сярод прадпрыемстваў, якімі зацікавіліся талібы — Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя, Слуцкі сыраробны камбінат і цукровы завод.
На афіцыйных сайтах прадпрыемстваў і кампаній, якія наведала дэлегацыя з Афганістану, няма ніводнага паведамленьня аб гэтых сустрэчах. Толькі слуцкая раённая газэта «Слуцкі край» у сваім Telegram-канале 21 жніўня паведаміла аб наведваньні «замежных партнэраў» шэрагу прадпрыемстваў, але потым паведамленьне выдалілі.
На сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі Афганістану абмежаваліся інфармацыяй аб чатырох канкрэтных прадпрыемствах, а іншыя ахарактарызавалі толькі сфэрай іх дзейнасьці — мясаперапрацоўка, вытворчасьць вэтэрынарных прэпаратаў. Сярод папярэдніх дамоўленасьцяў, апроч гатоўнасьці разьвіваць гандаль, назвалі абмен досьведам, а таксама падрыхтоўку спэцыялістаў у сфэры вытворчасьці сельгаспрадукцыі.
Што папярэднічала
18 жніўня Міністэрства сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі Афганістану паведаміла аб візыце ў Менск дэлегацыі ўраду Афганістану, якім з 2021 году кіруе ісламісцкі рух Талібан, у яе складзе было 13 чалавек. Як паведамлялася, яны на запрашэньне афіцыйнага Менска плянавалі ўзяць удзел у другім пасяджэньні Сумеснай камісіі па эканамічным і гандлёвым супрацоўніцтве паміж Афганістанам і Беларусьсю. Аднак беларускі бок аб гэтым не паведамляў.
Дэлегацыю ўзначальваў міністар сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі Маўлаві Атаўла Амары. У яе склад таксама ўвайшлі намесьнік міністра прамысловасьці і гандлю, прадстаўнікі міністэрстваў сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі, транспарту і грамадзянскай авіяцыі, фінансаў, замежных спраў і гандлю, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных кампаній і эканамічны намесьнік адміністрацыі прэм’ер-міністра.
Талібан імкнецца вярнуцца на міжнародную арэну, завязвае кантакты з эўрапейскімі краінамі, у тым ліку зь Беларусьсю, застаючыся пры гэтым адным з самых рэпрэсіўных рэжымаў сьвету.
Падобны візыт талібаў раней выклікаў скандал у Малдове
Тры прадстаўнікі ўраду Талібану наведалі Малдову пасьля атрыманьня імі віз, іх прыезд выклікаў абурэньні і палітычны скандал. Як паведамляла Малдоўская служба Радыё Свабода 5 жніўня, апанэнты ўладаў заявілі, што ісламісцкая групоўка, якая захапіла ўладу ў 2021 годзе пасьля вываду міжнародных войскаў з Аўганістану, спрабуе выкарыстаць гэтую паездку для павышэньня свайго міжнароднага іміджу і легітымнасьці.
Урад «Талібану» лічыцца адным з самых рэпрэсіўных рэжымаў у сьвеце. Міжнародная супольнасьць занесла лідэраў групоўкі да чорнага сьпіса і адрэзала ад глябальнай фінансавай сыстэмы.
Улады Малдовы патлумачылі візыт патрэбай клапаціцца аб эканамічных інтарэсах сваіх вытворцаў.
Васіле Шарбан, прадстаўнік міністэрства сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасьці Малдовы, сказаў, што калі вытворцы кажуць, што ім няма куды прадаваць сваю прадукцыю, дзяржава павінна дапамагчы ім знайсьці рынкі збыту.
Ва ўрадзе Малдовы заявілі пры гэтым, што візіцёры «не зьяўляюцца абʼектам міжнародных санкцый», і што «Рэспубліка Малдова строга выконвае міжнародныя санкцыйныя рэжымы і не прызнае ўрад талібаў у Аўганістане».
Апошнім часам урад талібаў імкнецца выйсьці з міжнароднай ізаляцыі. Пры гэтым талібы запрашаюць ЗША вярнуцца ў Аўганістан.
«Аўганістан прапанаваў ЗША вярнуць дыпляматычную прысутнасьць у Кабуле, а таксама інвэставаць у распрацоўку радовішчаў мінэралаў, дамбы і дарогі». Пра гэта ў інтэрвію The New York Times (NYT) заявіў міністар замежных спраў краіны Амір Хан Мутакі. Ён падкрэсьліў, што размова ідзе толькі аб цывільнай прысутнасьці, без вайскоўцаў.
Читайте еще
Избранное