Руселік: «У беларусафобаў, лічы, уся нашая рэчаіснасьць — суцэльнае «міннае» ідэалягічнае поле»

«Быць сабою», «не чапайце нас», «сам сабе гаспадар», «дайце пажыць спакойна» — гэтыя знаёмыя кожнаму і кожнай з нас выразы можна цягнуць бясконца. І ўсе яны, нібы тыя ручаіны і рэкі ў моры, сыходзяцца ў адным — у нашай беларускай Мары пра свабоду, пра незалежнасьць, піша Валера Руселік на Budzma.org.

Толькі дзе яна, гэтая Мара? І ці дойдзем мы калі-небудзь да Яе?

Бясконца наша мара аб свабодзе

Вядзе нас па зямлі і па вадзе,

Як сонца, што ніколі не заходзе,

Як зорка, што ніколі не ўпадзе...

Божа ж мой Божа, як я люблю гэтую песьню Зьмітра Вайцюшкевіча на верш Уладзімера Някляева «Сьцяг»! Ну гэта ж самая што ні ёсьць праўда — пра нашую галоўную беларускую Мару!

Інакш чаго б нам, беларусам, мець столькі Дзён Незалежнасьці, праўда? 25 сакавіка, 27 ліпеня, 25 жніўня і, урэшце, нават цяперашні афіцыйны — 3 ліпеня.

З апошнім, дарэчы, дасьціпная гістарычная сытуацыя атрымліваецца. Як вядома, да агульнанацыянальнага статусу дата 3 ліпеня мела статус сталічны: менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе на зьмену нямецкім захопнікам Менск заняла Чырвоная армія. А роўна 284 гады датуль, 3 ліпеня 1660 года, войскі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай таксама вызвалілі Менск ад захопнікаў — маскоўскіх.

То-бок якую і ад каго незалежнасьць сьвяткаваць у гэты дзень — ёсьць варыянты, праўда?

Зрэшты, у беларусафобаў, якія кіруюць сёньня Краем, лічы, уся нашая рэчаіснасьць — суцэльнае «міннае» ідэалягічнае поле.

Куды ні тыцніся, якую дату альбо падзею ні вазьмі, каб паямчэй нацягнуць беларускую саву на рускамірскі ці хаця б на савецкі глёбус — паўсюль вытыркаецца гэткая нязручная для беларусафобаў бясконцая гісторыя змаганьня нашага народу за сваю незалежнасьць.

І найперш, і найбольш — як раз-ткі ад акупантаў з усходу.

Вось і лепяць помнікі імпэрцам, якія душылі нашыя паўстаньні, ваююць са словам «дзякуй» і выяваю васілька, прызнаюць экстрэмістамі нашых пісьменьнікаў, якія жылі ў ХІХ стагодзьдзі і былі, па сутнасьці, бацькамі беларускай нацыі.

Ну а што ім застаецца? Вершы Рубінава і ордэн Францішка Скарыны для Кіркорава і Баскава?

Зрэшты, халера дзяры тых запраданцаў — вернемся да галоўнага. Да нашае бясконцае беларускае Мары. І тут, вядома ж, ужо не ўпершыню прагучаць зьдзеклівыя кпіны: маўляў, ну й дзе вашая Незалежнасьць, пра якую вы гэтак марыце й за якую столькі змагаецеся?

Мова, культура, гісторыя загнаныя ў самы цёмны кут, мільён летуценьнікаў выгнаны за мяжу, Край ператвораны ў пляцдарм для нападу расейцаў на Ўкраіну і іх усебаковага абслугоўваньня — ад санаторыяў і базаў да бэнзыну і дэталяў для ракет.

Што гэта за мара такая? Што ж гэта за незалежнасьць?

Яно дык гэтак і ёсьць: незалежнасьць у сучаснай Беларусі — хутчэй, фармальная, далёкая ад сапраўднае. Ну але ж мара пра яе ад гэтага нікуды ж не падзелася, праўда? Як раз жа ж і мараць звычайна пра тое, чаго няма і чаго гэтак карціць дасягнуць..

Горадня ў часе пратэстаў 2020 году. Фота з сацыяльных сетак

І вось тут самае важнае. Як і нашая агульная беларуская, гэтак і ўсялякая мара наагул — гэта не папросту зьдзяйсьненьне чагосьці запаветнага, але (і, мабыць, галоўнае) і ўласна сам шлях да зьдзяйсьненьня гэтае мары.

Немагчыма зьдзейсьніць падарожжа вакол сьвету, не падняўшыся з канапы. Нерэальна вывучыць замежную мову, не разгарнуўшы падручнік альбо не загаварыўшы зь яе носьбітамі. Бессэнсоўна спадзявацца на статную фігуру і разьвітыя цягліцы, не ўпарадкаваўшы свой рацыён ды не пачаўшы фізычныя практыкаваньні.

Гэтак і з нашай беларускай Марай. Каб здабыць нашую Незалежнасьць, трэба за яе змагацца. Каб жыла і квітнела нашая мова, трэба на ёй размаўляць. Каб мець дабрабыт для ўсіх, мусова сягаць посьпехаў асабістых, самарэалізоўвацца і разьвівацца.

Каб аднойчы зірнуць у люстэрка і пабачыць у ім тую Беларусь, якой хацелася б кожнаму і кожнай з нас. Стаць самому гэткай Беларусьсю.

І менавіта з гэтых асабістых крокаў і складаецца наш агульны беларускі Шлях да нашае беларускае Мары.

Ну дык што, хадзем?