Общество

Марына Міхайлава

«Перасяклі мяжу без пашпартоў, і ніхто не супраць. Думаеш: а так можна было?»

Былы палітвязень распавёў «Салідарнасці» пра настроі сярод зняволеных, вяртанне да вольнага жыцця і якім бачыць свет пасля амаль шасці год зняволення.

Наш суразмоўца — адзін з некалькіх соцень беларускіх палітвязняў, якія выйшлі з-за кратаў у выніку беларуска-амерыканскіх перамоў. Цяпер ён у бяспецы, але ж родныя застаюцца ў краіне. Таму на ягоную просьбу мы змянілі імя і абмінулі шэраг дэталяў.

Кастусь спакойны, разважлівы і ўсмешлівы, хоць спраў навалілася нямала: выпраўленне дакументаў у новай краіне, медагляды і лячэнне, адаптацыя, паступовыя пошукі працы, каб дапамагчы сваім. Але ён кажа, што гэта прыемныя турботы, бо — на волі.

— Ці было прадчуванне, што мяне вызваляць? Было вядома дакладна, што вызваленні працягнуцца, але чуткі хадзілі, што будзе не вельмі шмат людзей, можа, чалавек 200. І я вырашыў: мабыць, у іх лік не трапляю. Бо да іншых прыходзілі нейкія, можа, агенты КДБ, з імі размаўлялі — можа, наконт супрацы, ці пыталіся пра планы пасля вызвалення, не ведаю, хлусіць не буду.

І тут раптам мяне выклікалі з атраду: давай, збірай рэчы — і ўсё, паехаў. Папер ніякіх не аддалі: не тое што пашпарт ці даведку аб вызваленні, нават лістоў і фотаздымкаў.

То-бок, у нашым выпадку нічога асаблівага не здарылася. Перасяклі мяжу без пашпартоў, і ніхто не супраць, прапусцілі, думаеш: а так можна было? (Смяецца)

«Магу легчы спаць на нармальны ложак — і гэта ваў!»

Яшчэ калі ў 2024 годзе ў Беларусі прайшлі некалькі хваляў памілаванняў, у палітвязняў ажыла надзея на хуткае вызваленне. Але даведацца, што ў чарговым спісе ёсць і тваё імя, сталася ўсё ж нечаканасцю.

Кастусь прыгадвае, як неўзабаве змог патэлефанаваць родным, яшчэ з чужога тэлефона, але ўжо як вольны чалавек — і не можа стрымаць слёз.

— Было больш радасна, але і хваляваўся троху. Так-то задумваўся, нават планаваў, што зраблю першым, калі вызвалюся: каму патэлефаную, да каго схаджу ў госці, што паем… А калі сапраўды набраў нумар і жонка адказала, то ажно горла сціснула, ледзь змог сказаць некалькі словаў.

І толькі на наступны дзень, як усе пачалі пісаць, распытваць, перадаваць прывітанні —  прыйшло разуменне, што я нарэшце на волі. Часам мільгала ў галаве: зараз я мог бы стаяць у чарзе на прамзону, альбо есці суп (умоўна з гароднінай), ці спрабаваць угадаць, што будзе на сняданак, сечка ці пшонка.

Але я на волі і магу вырашаць, што паесці, куды пайсці, магу легчы спаць на нармальны ложак — і гэта ваў! Наплывае простае шчасце.

Пакуль нічога не снілася, ні пра турму, наогул ні пра што. Але спіцца чамусьці горш, чым у вязніцы. Пяць гадзін адпачнеш, а потым прачынаешся па звычцы і накрываюць думкі пра далейшае жыццё, пра сяброў, блізкіх.

Гэта добрыя думкі і турботы, аднак усё адно, трэба неяк прымусіць сябе легчы ды нармальна выспацца.

А пакуль — вось акурат перад нашай сустрэчай некалькі гадзін правёў у клініцы, бо знянацку разбалеліся зубы. Дактары паглядзелі, сказалі, што шмат лячыць (гэта не дзіўна пасля вязніцы, у многіх «сыплюцца» зубы), заклалі лекі і часовую пломбу паставілі.

Таксама праз пару дзён пасля вызвалення падаў дакументы на легалізацыю. Шмат шпацырую, сустракаюся з сябрамі, вось заўтра мусіць прыехаць з іншай краіны сябар, былы сукамернік…

І яшчэ абавязкова хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто сустракае вызваленых тут. Гэта неверагодная салідарнасць. Нас адразу пасялілі з улікам пажаданняў, выдалі тэлефоны, вопратку, грошы на першасныя патрэбы — усё на найвышэйшым узроўні.

«Сёння ў Беларусі «часам не да законаў». Значыць, трэба чакаць таго часу, калі будзе да іх»

— Калі ў судзе агучылі тэрмін, я неяк адразу зразумеў, што столькі не прасяджу. Чамусьці была вера, што мы ўсе хутка выйдзем. Пратэсты ж здушылі, больш іх няма, то чаго нас трымаць? Але мінуў год, другі, пачалася вайна і пачаліся новыя пасадкі — ужо тых, хто выступіў супраць яе і падтрымаў Украіну. І стала зразумела, што гэта надоўга.

Даводзілася глядзець беларускія навіны па тэлевізары, цераз сілу, але каб хоць нешта пачуць паміж радкоў.

Калі Лукашэнка загаварыў, што гатовы да «вялікай здзелкі», мы былі вырашылі, што ўжо дамовіліся з Трампам. І ўсім хацелася вынікаў як найхутчэй, аднак цягнулася ўсё вельмі доўга, і гэта моцна ціснула.

Асабліва цяжка было людзям, у якіх вялікія тэрміны. Мне апошнія паўгады даліся надзвычай складана.

Але што добра — змянілася і стаўленне супрацоўнікаў калоніі. Напачатку адносіны былі вельмі дрэннымі, а «палітычныя» былі для іх галоўным аб’ектам увагі. Неяк прадстаўнік адміністрацыі заявіў, што мы яму «моцна сапсавалі заканчэнне дачнага сезону», і ён нам гэта прыпомніць.

А як пайшла пагалоска пра здзелку, адны турэмшчыкі яшчэ па старой памяці прэсавалі тых, хто на «дзясятым прафуліку», але большасць стала не тое што менш «жарсціць», наогул менш нас заўважаць. Мабыць, таксама здагадваліся, што нас будуць хутка выпускаць, і ніхто не жадаў, каб мы распавялі пра ўмовы шмат дрэннага.

Шчыра кажучы, мяне і ад пачатку не надта чапалі. Былі агульныя абмежаванні, як для ўсіх палітзняволеных, але без асаблівай пільнасці і прыдзірак. Усё самае горшае, лічу, мяне абмінула.

Як прыклад: за заявы кшталту «мы палітвязні, мы наогул не мусім тут знаходзіцца» ў іншых месцах, ведаю, адразу адпраўлялі ў ШІЗА, ПКТ, крытую турму — а са мной адміністрацыя проста размаўляла. У параўнанні з палітвязнямі, якіх збівалі ці якія былі вымушаныя глядзець, як б’юць іншых, а ты нічога не можаш зрабіць — на маім шляху і ў СІЗА, і ў калоніях такога не здаралася.

Хоць было і такое: экс-начальнік ПК-15 даведаўся, што я не прызнаў віну — і крычаў, тупаў нагамі, каб «выпісалі якое-небудзь парушэнне, і хай пасядзіць у ШІЗА, пакуль не зразумее». А  ўсе, хто там сядзеў на камісіі, зрабілі выгляд, быццам гэта норма, а не злачынны загад.

Віны за сабой Кастусь, дарэчы, так і не прызнаў. Ён пэўны, што справа супраць яго сфабрыкаваная. І прабачаць тых, хто гэта зрабіў, у беларуса няма ніякага жадання:

— Па законах, якія на той момант дзейнічалі, мяне маглі арыштаваць на 15 сутак. Ну, пабілі, калі затрымлівалі — так яны з усімі так робяць, тут, лічы, нічога асаблівага. Але не крымінальны пераслед і некалькі год зняволення! Проста таму, што нейкаму чалавеку прыйшло ў галаву мяне «закрыць», а сабе — атрымаць зорачкі на пагоны.

Мая пазіцыя такая, што злачынствы трэба памятаць, абставіны і імёны ўдзельнікаў злачынстваў трэба дакументаваць. А калі будзе такая магчымасць, дабівацца справядлівасці. І ў мяне ёсць звесткі, як знайсці чалавека, які пагражаў мне, перш чым зладзіць гэту падставу. Не ведаю ягонага імя, але ведаю тых, хто можа назваць і быць сведкамі.

Так, сёння ў Беларусі «часам не да законаў». Значыць, трэба чакаць таго часу, калі будзе да іх. І не тое, што забіваць, ці гнаць паганай мятлой усіх датычных да злачынстваў супраць беларусаў — не, яны мусяць панесці адказнасць паводле закону.

Нават калі гэта будзе невялікі тэрмін — трэба, каб «міліцэйскія», супрацоўнікі сілавых органаў разумелі, што адказнасць непазбежная. А калі здаецца, што зараз можна рабіць што заўгодна, парушаць закон, і за гэта нічога не будзе — у будучыні нешта зменіцца і будзе пакаранне.

«Каб ужо налета мог сказаць, што ў мяне ўсё добра»

Кастусь часта і шчыра ўсміхаецца — пытаемся, што так паляпшае настрой, ці гэта адчуванне свабоды матывуе?

— Перадусім, напэўна, характар, — смяецца ён, — бо калі чалавек сумны па жыцці, то і ўсякія праблемы, выпрабаванні даюцца цяжэй. Але і насамрэч шмат пазітыўных навін. Шторанак толькі прачнуся, пачынаю пісаць дзецям, жонцы, сябрам.

На другі ж дзень пастукаліся ў дзверы сябры, з якімі яшчэ ўвосень мы былі ў адным лагеры, але  яны вызваліліся раней. Пагутарылі з імі: сказалі, каб не перажываў і што сам-насам мяне не пакінуць, «выпускнікі Віцьбы» вельмі падтрымліваюць адзін аднаго.

І, бадай, галоўнае: ёсць адчуванне свабоды. Калі б мяне выпусцілі і застаўся ў Мінску — перакананы, што жыцця ўсё адно б не далі. Хадзіў бы і думаў, ці варта наогул дома начаваць, ці зноў прыйдуць… А зараз мяркую, што самае дрэннае ў маім жыцці, напэўна, засталося ў мінулым. То што тут сумаваць!

Хоць, натуральна, яшчэ патрэбны час, каб апрытомнець, зразумець новыя ўмовы, банальна падлячыцца і адпачыць. Напрыклад, сёння перабягаў дарогу на чырвонае святло — мне сказалі, што так нельга, што еўрапейскія штрафы сур’ёзныя. Вось, прывыкаю.

Пра планы Кастусь разважае пакуль асцярожна: «спачатку трэба легалізавацца, вырашыць, у якой краіне я хачу далей жыць і працаваць, зарабляць грошы».

— Амаль шэсць год я фактычна  толькі забіраў з сям’і грошы, якіх і так не хапала, бо родныя былі вымушаныя падтрымліваць мяне. Цяпер прыйшоў час мне дапамагаць і падтрымліваць іх.

Трэба шмат чаму навучыцца. Працягну вывучаць як мінімум ангельскую мову, засвойваць ШІ, новыя тэхналогіі. Калі атрымаецца знайсці патрыманы, але добры ноўтбук, справа паскорыцца.

А на больш далёкую будучыню пакуль не планую, бо можа скласціся па-рознаму. Калі ў Беларусі зменіцца сітуацыя — то можна будзе вярнуцца, каб аднавіць справядлівасць. Можа, змагу жыць і працаваць у Еўропе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)