Навумчык: «Сёньня агрэсія — гэта зусім не абавязкова танкавыя калёны і армады ваенных самалётаў»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык аналізуе верагоднасць нападу Расіі на краіны NATO і магчымыя сцэнары.

Сяргей Навумчык

— Мы — рабы ўласных тэорый, — піша Сяргей Навумчык. — Часам пабудаваных на рэальнасьці, здараецца — на эфэмэрных уяўленьнях. Але калі ўжо тэорыя намі прынятая, мы схільныя ігнараваць гэтую самую рэальнасьць, калі яна нашу тэорыю абвяргае.

Гэтымі днямі ў кожным другім аналізе верагоднасьці нападу Пуціна (альбо ягонага проксі Лукашэнкі) на краіны NATO — пытаньне: а дзе, уласна, паблізу «сувалкаўскага калідору», ці Нарвы, ці нейкіх іншых падобных месцаў — канцэнтрацыя вайсковых злучэньняў, хаця б у памерах адной двух-трох карпусоў, 10-15 тысячаў вайскоўцаў?

Вось у лютым 2022-га канцэнтрацыя была, у дзясяткі тысяч. Пра яе было вядома без усялякіх касьмічных спадарожнікаў, проста мала хто верыў, што Пуцін адважыцца на авантуру. А сёньня? Дзе канцэнтрацыя?

Ды калі б і рушылі гэтыя некалькі тысяч — у Польшчы ды краінаў Балтыі дастаткова ўласных сілаў, каб іх падавіць.

Тут няма з чым спрачацца: у выпадку клясычнай вайсковай агрэсіі па мадэлі «Кіеў за тры дні» тымі сіламі, на якія цяпер можа разьлічваць Пуцін бяз новай мабілізацыі, напад будзе нейтралізававны.

Але чаму нам не прыходзіць у галаву, што ня трэба ніякіх танкавых калёнаў, матастралковых падразьдзяленьняў ды ўдараў артылерыі?

Чаму мы ня можам усьвядоміць, што люты 2022 адбываўся ў іншую эпоху з пункту гледжаньня прынцыпаў вядзеньня вайны?

Што адрозьненьне паміж падзеямі чатырохгадовай даўніны і сёньняшняй сытуацыяй — як розьніца паміж эпохамі да і пасьля вынаходніцтва пораху (ужо не кажу — паміж кавалерыяй і танкамі)?

Пасьпяховы для агрэсара вынік вайны мы звычайна ўяўляем у выглядзе зруйнаваных гарадоў, зьнішчанай прамысловасьці, шматтысячных калёнаў уцекачоў. Але гэта — не вынік, а толькі этап у дасягненьні галоўнай мэты вайны: палітычнага і эканамічнага падпарадкаваньня краіны сваім інтарэсам, у пэўных выпадках — зьмены яе геапалітычнай арыентацыі.

У Беларусі такую зьмену Маскве ўдалося правесьці ў 1994-м без усялякай стрэляніны (калі не лічыць «стрэл пад Лёзна»). Ва Ўкраіне спатрэбілася вайсковая агрэсія. Але пры ўсёй крыважэрнасьці пуцінскага рэжыму ўсё ж падаецца, што калі б Украіну як незалежную дзяржаву з арыентацыяй на Эўропу ўдалося зьнішчыць без ваеннага ўмяшаньня (як амаль зьнішчылі Беларусь) — тое было б зроблена (такія спробы, як мы ведаем, рабіліся).

Крэмль імкнецца ізноў падпарадкаваць сабе былыя савецкія рэспублікі і сацыялістычныя краіны Ўсходняй Эўропы — каб у Вільні, Таліне, Рызе, Варшаве, Празе ці Бухарэсьце рускі чалавек ня проста адчуваў сябе гаспадаром — а каб яго баяліся, слухаліся і выконвалі тое, чаго ён пажадае.

Прывесьці да ўлады палітычныя сілы, якія будуць служыць Маскве, можна двума спосабамі: карупцыяй і агрэсіяй. Першы, як бачым па нядаўніх выніках у некаторых краінах, не заўсёды дапамагае. А другі — зусім не азначае руйнаваньне гарадоў праз паўнамаштабную вайну.

І вось тут я вяртаюся да тэмы нежаданьня ўспрымаць рэальнасьць, калі яна супярэчыць звыклай тэорыі.

Сёньня агрэсія — гэта зусім не абавязкова танкавыя калёны і армады ваенных самалётаў.

Нядаўна абрынуўся ўрад Латвіі. Прычына — на тэрыторыю краіны заляцела некалькі дронаў (прычым не расейскіх, украінскіх). Не было нейкіх істотных разбурэньняў, не было чалавечых ахвяраў, нават параненых. Проста ўзьнік палітычны крызіс.

А цяпер уявіце, што сёньня расейскі дрон атакуе — ну, дапусьцім, аўтобуснае дэпо ў нейкай эўрапейскай сталіцы. Атакуе ўначы, калі ў аўтобусах няма людзей. Ахвяраў няма, але гарыць.

Заўтра дрон атакуе сховішча паліва ў аэрапорце — ізноў без ахвяраў, але пажар куды большы, плюс палёты на некалькі дзён спыненыя. Пляны тысячаў людзей парушаныя.

Пасьлязаўтра ўдар па будынку карціннай галерэі. Таксама ўначы, ізноў без ахвяраў, дзяжурных супрацоўнікаў не зачапіла, але некалькі шэдэўраў нацыянальнага выяўленчага мастацтва зьнішчана.

І адначасна Масква заяўляе, што — не, гэта не выпадковасьць (як цяпер Мядзьведзеў заявіў, што дрон у Румыніі — не выпадковасьць).

А вось яшчэ ёсьць рэдакцыя газэты, якая стабільна генэруе антырасейскія настроі, дык іх супрацоўнікам варта б заўтра не прыходзіць у офіс, хай з дому пішуць свае гнюсныя пасквілі. І — уначы офіс падвяргаецца атацы.

Па рэакцыі на «трапляньне» дронаў на тэрыторыі краінаў-членаў NATO можна меркаваць, што такія эксцэсы ня выклічуць у адказ атакі нечага большага, чым «глыбокую заклапочанасьць». Ну, ясная справа, будуць уведзеныя нейкія санкцыі. Які там пакет санкцый ЭЗ рыхтуе супраць РФ? Лік пайшоў ужо на трэці дзясятак? Ці яшчэ пакуль на другім?

Дапускаю, што такую рэакцыю (фактычна, ніякай рэакцыі) можна нават прызнаць разумнай — каб не справакаваць глябальную вайну.

Але гэтага цалкам дастаткова, каб калі не адразу зваліць урад атакаванай краіны, дык выклікаць востры палітычны крызіс, усяліць у людзей няўпэўненасьць, страх і істотна паўплываць на вынік выбараў. У патрэбны для Масквы бок.

А калі такія эксцэсы адбудуцца не ў адной, а, да прыкладу, адразу ў пяці краінах?