Кацярына Андрэева напісала зварот да Трампа. У ім яна пералічыла пайменна беларускіх палітвязняў
Былая палітзняволеная адзначыла, што назвала тых, каго ведае асабіста і за каго баліць сэрца.
— «Мой муж…» — першыя словы, якія я сказала амерыканскай дэлегацыі на мяжы, — напісала Кацярына Андрэева. — Пазней, у звароце да Трампа, акрамя падзякі за вызваленне чарговай партыі беларускіх палітвязняў (і ўласнае), у непублічнай частцы я пералічыла пайменна тых, каго ведаю асабіста і за каго баліць сэрца.
Спадзяюся, наперадзе нас чакаюць добрыя навіны. Бо колькі ж можна ўжо кепскіх навінаў?
Свой пост Кацярына прымеркавала да месяца пасля вызвалення.
«Цешуся, што разам са мной выйшлі на свабоду мае сяброўкі і многія годныя людзі — усе яны не мусілі правесці за кратамі ні аднаго дня.
Складана паверыць, што ўсё гэта насамрэч адбывалася з намі. Балюча ўсведамляць, што большая частка палітвязняў па-ранейшаму застаецца ў СІЗА, турмах і калоніях. У тым ліку — журналісты. І мой Ігар».
Таксама Кацярына пацвердзіла, што хоча вярнуцца ў журналістыку, бо гэта — частка яе ідэнтычнасці.
Андрэева падзякавала усім за падтрымку: «Якое шчасце — мець такіх калег і сяброў! Дзякуй маёй мужнай сям’і — цяпер мы ведаем, што можам усё».
Читайте еще
Избранное