Экс-палітвязню Ігару Карнею анулявалі пашпарт
«Застаецца толькі расслабіцца ды плыць разам з цячэньнем». Навіны ад былога журналіста «Радыё Свабода», які зараз жыве на Азорах.
— Урэшце скончылася і апошняя паперка, якая надавала хоць нейкай легітымнасьці на гэтым сьвеце, — піша Ігар Карней. — Гэта я пра нацыянальную літоўскую візу, якую атрымаў неўзабаве пасьля чэрвеньскага выдварэньня-2025 — першай з больш-менш масавых зьдзелак у гандлі палітзэкамі.
Дакладней, спачатку была кароткая двухтыднёвая, аформленая проста на памежным пераходзе ў Медніках — яшчэ вочы не пасьпелі прызвычаіцца да сьвятла пасьля гэбэшных мяхоў).
А ўжо на падставе хадайніцтва праваабаронцаў і колішніх працадаўцаў летась 10 ліпеня апгрэйдзілі да гадавой — менавіта яе тэрмін і падышоў да фінішу.
Канцоўку таго паваротнага лета прысьвяціў спатканьням з сябрамі ды роднымі ў Літве і Польшчы, а з пачаткам восені ўзьяднаўся з Інай і малодшай Евай на Азорах, дзе за два папярэднія гады яны ўжо абзавяліся відам на жыхарства.
Спатрэбіліся яшчэ больш за паўгода бюракратычных лабірынтаў, каб ў канцы сакавіка апынуцца пад дзьвярыма Агенцтва па інтэграцыі, міграцыі і прытулку. У мясцовых экспатаў акронім АІМА (Agência para a Integração, Migrações e Asilo) адскоквае ад зубоў у любым стане, бо з клеркамі канторы мае справу кожны, хто мае намер легалізавацца.
Першапачатковая спроба аўтаматам далучыцца да сям’і трэцім нумарам плёну ня мела, тутэйшыя клеркі проста памяшаныя на даведцы аб несудзімасьці. Прычым паўсюль — ад згаданага офісу да камерцыйных банкаў. Нават паабяцалі дэпартацыю ў краіну першага ўезду, калі да прызначанай даты такую не здабуду. Добра, што партугальская сістэма кантролю настолькі лянівая, што ўсе пагрозы насамрэч — толькі скалынаньне паветра.
У любым выпадку літаральна на хаду дакументы давялося перапісваць на міжнародную абарону. Пасьля шэрагу пафасных працэдур папярэдняга сумоўя, адкаткай пальцаў (з другога разу) і дыстанцыйным допытам у міграцыйнага афіцэра выдалі «ахоўную грамату» — звычайны аркуш з прозьвішчам і фота ў якасьці пацьвярджэньня, што мой кейс прыняты да разгляду кампетэнтнымі органамі на мацерыку.
Шчыра папярэдзіўшы, што калі за два месяцы нічога ня зрушыцца (як быццам хтосьці разьлічваў на іншае), каб адразу ж грукаўся да апекуноў-аімаўцаў — раздрукуюць сьвежую паперку на аналагічны тэрмін).
Маё пралангіраваньне мелася быць яшчэ ў апошняй дэкадзе траўня, але хто б сумняваўся, што нічога путнага з тых абяцанак ня выйдзе.
Па-першае, каляндарнае лета — для абарыгенаў як прыдатак да персанальнага адпачынку. І да яго пачынаюць рыхтавацца задоўга, прынамсі ў траўні на нешта спадзяюцца толькі непалоханыя ідыёты з вялікай зямлі).
Па-другое, нідзе тыя фількіны граматы не патрабуюць — можаш гадамі не сутыкнуцца з сілавіком, нават каб на яго падзівіцца). А таму ніхто з чыноўнікаў не азадачваецца вытрымліваць часовыя рамкі.
Па-трэцяе, уся служба краіны, якая мусіць кантраляваць міграцыйны баланс, нечакана папалася на махровай карупцыі — ва ўсю таргавалі так званымі залатымі пашпартамі, то бок прадавалі грамадзянства Партугаліі пад праграму працягненьня інвестыцый.
Штрафнікоў у выніку разагналі, набіраюць незаплямленых. І калі тыя выйдуць на прамысловыя магутнасьць — сакрэт фірмы).
Адным словам, у маім выпадку праблемка склалася тлустым шматслойным сэндвічам. Часовая паперка два месяцы як несапраўдная, наконт перспектыў ніякай уцямнай разьвязкі.
На ўваходзе ў офіс АІМА сустракае цётка-ахоўніца, у арсенале якой адчаканеная англамоўная фраза для панаехалых — пішыце пісьмы (электронныя).
Пры тым, што на мясцовым партале няма нават такой функцыі, а вышэйстаячы Лісабон у перапіску не ўступае. Застаецца толькі парадавацца за калег з пазьнейшых партый у Літве і Польшчы, якія свае пытаньні павырашалі непараўнальна аператыўней).
Часьцяком падобныя мне бедалагі знаходзяць дапамогу, прынамсі кансультатыўную, у арганізацыі CRESAÇOR (Cooperativa Regional de Economia Social e Solidária dos Açores).
Але пакуль там спадобіліся толькі на тое, што спрабавалі датэлефанавацца да кіраўніцтва АІМА. А там не ўзялі слухаўку. Вось жа наіўныя, такую разьвязку я б ім і сам наваражыў).
Ну і кантрольны стрэл — ужо з «хрустальнага сасуда». Цяжка сказаць, калі тое здарылася, але даведаўся, як пайшлі першыя сігналы ад выдвараных калег: крывавы рэжым у бонусным фармаце дробнай пакасьці абнуліў пашпарт, нягледзячы на прапісаную ягоную прыдатнасьць да 2030 году. Адзіная радасьць, што ў іншых шыротах на гэткую самадзейнасьць усім начхаць, а партугальцам дык і пагатоў). Таму па нібыта несапраўдным дакуменце і працоўны кантракт падпісаў, і банкаўскі рахунак адчыніў, і нават зафіксаваўся падаткаплатнікам.
Па вялікім рахунку, застаецца толькі расслабіцца ды плыць разам з цячэньнем. Хіба што засмучае бестэрміновая прывязка да месца аседласьці. Бо калі дагэтуль ратавала літоўская віза, то цяперашні статус недалёкі аб бамжацкага.
Нагадаем, што ў сакавіку 2026-га беларускія праваабаронцы пачалі паведамляць пра выпадкі анулявання пашпартоў былых палітзняволеных, якіх фактычна дэпартавалі з краіны.
Сярод тых, каму ўлады скасавалі дзеянне пашпарта, быў Эдуард Пальчыс.
Читайте еще
Избранное